СЛЫХ МУЗЫ́ЧНЫ,
здольнасць чалавека ўспрымаць, запамінаць, уяўляць асобныя якасці гукаў музычных, адчуваць функцыян. сувязі паміж імі; неабходная перадумова кампазітарскай і выканальніцкай дзейнасці. Вылучаюць асн. віды С.м.: абсалютны (здольнасць распазнаваць, вызначаць, уяўляць абс. вышыню асобных муз. гукаў) і адносны, ці інтэрвальны (здольнасць выяўляць гукавышынныя суадносіны паміж гукамі). С.м. ўключае пачуцці ладавае і рытму, слых меладыйны, гарманічны і інш. Існуе спецыфічная яго форма — унутраны слых (муз.-слыхавыя ўяўленні) — здольнасць мысленна ўяўляць асобныя гукі, меладычна-тэмат. развіццё, гарманічную паслядоўнасць, тэмбрава-каларыстычныя фарбы, тэмп, дынаміку, агогіку, драматургію муз. твора і інш.; неад’емная якасць прафесіяналізму выканаўцы. С.м. развіваецца і ўдасканальваецца ў працэсе заняткаў музыкай, у прыватнасці сальфеджыо.
В.У.Мазанік.
т. 15, с. 36
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)